«ПРУ́СКІ МУР»,

спецыфічны тып агараджальнай канструкцыі будынкаў (фахверка) на Беларусі. Аснову канструкцыі складаў драўляны каркас з верт. стоек, злучаных гарыз. бэлькамі, раскосамі і крыжовымі сувязямі. Прамежкі паміж элементамі каркаса запаўнялі каменем, цэглай або глінай, часта атынкоўвалі і бялілі, а каркас пакідалі адкрытым, і ён утвараў на паверхні сцен характэрны дэкар. малюнак.

Тэхніка «П.м.» запазычана з Зах. Еўропы. Пашырана ў 15—17 ст. у буд-ве пераважна малапавярховых абарончых збудаванняў (брама замка ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на), жылых, гасп. і вытв. будынкаў. У 18 ст. дэкар. матывы «П.м.» выкарыстоўваліся для аздаблення сцен манум. драўляных будынкаў (брама Пінскага замка). У тэхніцы «П.м.» да пач. 20 ст. пабудаваны жылыя дамы ў вёсках Грозаў Капыльскага, Заазер’е Нясвіжскага р-наў Мінскай вобл., гасп. пабудова ў в. Манькавічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл., вадзяны млын у в. Гервяты Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

Ю.​А.​Якімовіч.

Жылы дом, пабудаваны ў тэхніцы «прускага муру» ў вёсцы Заазер’е Нясвіжскага раёна Мінскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)